Мікола Арочка (Мікалай Мікалаевіч Арочка ) 1930 -2013
Беларускі паэт, літаратуразнавец,
крытык, празаік, перакладчык
У гісторыю беларускай літаратуры Мікола Арочка ўвайшоў як паэт, літаратуразнавец, крытык, празаік і перакладчык, доктар філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Мікалай Мікалаевіч Арочка нарадзіўся 10 снежня 1930 года ў вёсцы Вецявічы Слонімскага раёна Гродзенскай вобласці ў сялянскай сям’і. Вучыўся спачатку ў польскай школе, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны – у Сялявіцкай школе на роднай беларускай мове.
Вялікакракоцкую сямігодку Мікола Арочка скончыў у 1948 годзе. Дэбютаваў у друку ў 1949 годзе, калі ў баранавіцкай абласной газеце “Чырвоная звязда” былі надрукаваны яго першыя вершы.
Сярэднюю адукацыю атрымаў у Азярніцкай сярэдняй школе (1951) і паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Пасля заканчэння БДУ (1956) Мікола Арочка працаваў у часопісе “Сельская гаспадарка Беларусі” (1956-1960), газеце “Літаратура і мастацтва” (1962).
У 1966 годзе пісьменнік закончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Я.Купалы АН БССР і з таго часу працаваў там спачатку малодшым (1966-1969), пасля старэйшым (1969-1986) і вядучым навуковым супрацоўнікам. Абараніў кандыдацкую, прысвечаную ВалянцінуТаўлаю (1967) і доктарскую – пра беларускі паэмны эпас (1980).
Апошнія два дзесяцігоддзі, пасля трагічных лёсаў сваіх сыноў, пражыў пісьменнік у слонімскай глыбінцы, у роднай вёсцы Вецявічы, куды разам з унукам пераехаў са сталіцы.
Рэдка калі можна было застаць творцу мастацкага слова за пісьмовым сталом у роднай хаце ў Вецявічах. Яго пісьмовы стол – гэта зялёны палетак, выпас, пянёк на ўзлеску, услончык ці ўласныя калені. Ён часцей за ўсё працаваў з рыдлёўкай ці касой у руках. Неслухмяныя, пакручаныя пальцы мастака трымалі то плуг, то касу, то аловак. Паэту даводзілася складаць вершы літаральна падчас ворыва, баранавання бульбы, падчас абкошвання канавы ці пасучы коз.
Мікола Арочка спадзяваўся, што гаючая праца на роднай зямлі верне сілы, не дазволіць упасці ў беспрасветны смутак.
“У Вецявічах я загнаны ў кут бездухоўнасці, нясу адплату свайму лёсу. Але вершы пішуцца, бо тут па-іншаму я ўбачыў і адчуў жыццё, яго смак” – расказваў паэт у 1998 годзе пра сваё сялянскае жыццё ў вёсцы сваім сябрам Сяргею Чыгрыну і Мікалаю Супруну.
І на пашы, і на сенажаці Мікола Арочка не разлучаўся з лазовым кошыкам, у якім ляжалі рукапісы і Біблія. Рукапісы ён увесь час дапісваў і дапрацоўваў, а Біблію чытаў у любую вольную хвіліну.
За гады літаратурнай дзейнасці Міколы Арочкі выйшлі ў свет шматлікія паэтычныя зборнікі: “Не ўсе лугі пакошаны” (1958), “Вераломная паласа” (1962). “Крылатае семя” (1967), “Кветкі бяссмертніку” (1972), “Матчына жыта” (1978), “Бяздоннае” (1985), “Падземныя замкі” (1986), зборнікі выбранай паэзіі “Колас на ржышчы” (1980) і “Памяць зярняткаў” (1991), зборнік на рускай мове “Гнездо аиста“.